Feb 23, 2013

Загадкі Ніла Гілевіча



1. І зімой, і летам – 
Белая як снег, 
І зімой, і летам – 
Як надзьмуты мех,
Ходзіць на лапатках,
Бегае нягегла,
Рогам есць і п’е,
А гергеча гэтак,
Што нікому нельга
Зразумець яе.

2. Два разы нараджаецца, адзін раз памірае.

3. Лёгка з зямлі паднімаеш,
А далей сваёй рукі не кінеш.

4. Без сякеры і цвікоў
Збудавалі круглы дом.


Адгадкі глядзіце далей

Feb 22, 2013

Загадкі-рыфмаванкі



Чырвонае цельца, каменнае сэрца,
Вінная на смак, а завецца як? (Вішня.)

На пруточку — буйны цвет, дробныя калючкі…
Не падлазь ка мне, малы, бо паколеш ручкі. (Ружа.)

Грыбкоў сабе насушыць, арэшкаў назбірае,
Зіма сняжком цярушыць, а ёй — бяда малая. (Вавёрка.)

3 гаспадаром сябруе, дом вартуе.
Ляжыць пад ганкам — хвост абаранкам. (Сабака.)

Ён раскажа і пакажа, як жыве планета наша.
А няма электратоку — ён без мовы і без зроку. (Тэлевізар.)

Бягу асфальтам і заўжды
Трымаюся за правады. (Тралейбус.)

Мной дзяўчынак называюць. А як толькі зацвітаю —
3 гудам рупным і вясёлым да мяне лятаюць пчолы. (Ліпа.)

На снезе пушыстым царыца стаіць,
У гронках агністых ззяе, гарыць. (Рабіна.)

I ў сто год я малады,
Маё насенне — жалуды. (Дуб.)

Маўклівая, зялёная, на ўзгорку стаіць.
Як ветрык падзьме — яно зашапаціць. (Асіна.)

Дрэва — я. I з табой мы даўно знаёмыя.
I вясной, і зімой я стаю зялёная. (Елка, сасна.)

Feb 6, 2013

Казка-загадка "Самы кароткі месяц" ад Расціслава Бензярука



Сабраў бацька Год сыноў Месяцаў і сказаў:
- Стары я ўжо стаў. Цяжка мне аднаму кіраваць на зямлі. Хацеў бы, каб вы мне дапамаглі ў гэтым. А таму пытаюся: хто чым будзе займацца, як прыйдзецца гаспадарыць на зямлі?
Адзін вырашыў снег растапіць, сок у ствалах дрэў пусціць, другі - кветкі рассыпаць па лугах, трэці - збажыну расціць, чацвёрты - дапамагчы сабраць ураджай, пяты - зямлю снегам пакрыць, каб мароз карэньчыкі раслін не вынішчыў...
Слухаў бацька Год сыноў сваіх, радасна ўсміхаўся ў сівую бараду і назначаў, каму колькі гаспадарыць на зямлі: таму - трыццаць дзён, таму - трыццаць адзін.
А як дайшла чарга да аднаго з малодшых сыноў, дык той раптам заявіў:
- Як прыйду я на зямлю, буду ўсё жывое марозіць, знішчаць. Ух, як я люблю гэта рабіць!
Не спадабаліся яго словы бацьку.
- Табе, сыне, толькі дваццаць восем дзён адвяду.
Заплакаў ад крыўды сын:
- А чаму мне найменш? Хачу столькі ж, як і братам маім.
- Ты - злосны! Значыць, быць табе самым кароткім месяцам. Ну, ладна, - палагаднеў нарэшце бацька Год, - на чацвёрты раз як прыйдзеш на зямлю, гаспадарыць будзеш на адзін дзень больш.

Якое імя ў гэтага сына? Здагадаліся ўжо?

Адгадка далей

Jan 23, 2013

Загадкі на градках



От бабуля важна села
І глядзіць навокал смела.
У зямлю схавала лапаць.
Як зачэпіш – будзе плакаць.
Гэта злосная бабуля
Называецца…
(цыбуля)

У бабулі родны брат
Ласкавейшы быццам,
А да слёз давесці рад,
Так, як і сястрыца.
Сам сабе наўме панок,
А прасцей сказаць…
(часнок)

З вусамі, а не стары.
Зайздросныя вочы.
За што-небудзь на двары
Учапіцца хоча.
Хопіць хітрасці на трох,
Ну, на тое ж ён…
(гарох)

Не сыдзе з месца
Ні на крок,
Зарыўшыся ў пярыну.
Цярэбіць ціхі вецярок
Ягоную чупрыну.
А возьмуць за чупрыну
Ды выцягнуць з пярыны –
Пачырванее, нібы рак.
Вядома, хто гэта…
(бурак)

Жывёлы і птушкі



Між карчоў размесціць дом
Шар калючы - добры ... 
(вожык)

Землю дзюбаю рыю,
Быццам дом будую - 
Чарвячка шукаю ў рот!
Адгадалі, хто я? 
(кураня)

Ляцеў птах цераз дах, сеў на варотах у чырвоных ботах (бусел)

Не доктар, а дрэвы лечыць (дзяцел)

Пад соснамі, пад ёлкамі ляжыць клубок з іголкамі (вожык)

Хоць малая, ды дужая: з сабою хату носіць (чарапаха)

Школьныя загадкі


Яна ў школе пражывае, шмат гаспадароў мае, штогод іх мяняе і ўсім дапамагае (парта)

Бяжыць пад рукою, нібыта жывое, толькі не лятае, хоць назва такая (пяро)

Заўсёды я тонкая, худая, ды ў тым мая сіла, што п'ю я чарніла (прамакатка)

З выгляду - мячык на восі стаячай, а сіла такая - усю зямлю трымае (глобус)

Ног не мае, а ідзе, рук не мае, а б'е, - і ў сваім сэрцы сакрэт крые (гадзіннік)

Расчыніцца ночка - глянуць з яе лісточкі, хто іх разглядае - той многа пазнае (кніга)

Dec 27, 2012

Казка-загадка "Хто падказваў у класе?" ад Расціслава Бензярука


У чаратах размясцілася качыная школа. Вывучалі складанне лікаў.
Строгая настаўніца Качка Кіраўна задала пытанне:
- Колькі атрымаецца, калі да «кра» прыбавім яшчэ «кра»?
Не паспелі качаняты ўзняць крыльцы, як нехта падказаў:
- Кра-кра!
- Правільна, - пахваліла настаўніца. - Хто гэта сказаў?
Качаняты маўчалі.
Настаўніца зноў задала пытанне:
- Колькі будзе, калі «кра», «кра» і яшчэ «кра»?
Рыжанькі Качар узняў крыло.
Толькі Качка Кіраўна дазволіла яму адказваць, як нехта звонка зноў прагаварыў:
- Кра-кра-кра!
- Качка Кіраўна, я ведаю, чэснае слова, - заспяшаўся Рыжанькі Качар. - Дык чаго яна падказвае.
І ён скубануў суседачку Шэрую Шыйку за бок. Суседка не захацела цярпець гэтага. Пачалася бойка.
- Навошта падказвала?! А настаўніца падумала, што я не ведаў!
- Не падказвала я, не падказвала! - апраўдвалася Шэрая Шыйка.
- Хопіць біцца! - Качка Кіраўна падбегла да іх парты.
Калі Рыжанькі Качар і Шэрая Шыйка спынілі бойку, настаўніца спытала ў качанят:
- Дык хто падказваў у класе?

Задумаліся качаняты. Дапаможам ім, сябры!

Адгадка ніжэй!

Загадкі пра сняжынкі


Зорка снежна белая 
на рукаў мой узляцела,  
Пакуль нёс яе сюды - 
стала кропляю вады.  

Што гэта за птушка,  
Што сонца баіцца?  

Палятала зорка, палятала,  
Села на далоньку і растала.  

На далоні слёзка-крапялінка.  
Гэта не проста зорачка, то -  

Зімой пакрылі мы ўсё:  
Лес, дарогу, поле і луг,  
А як сонца прыпячэ,  
Мы раўчуком пацячэм.  

Ой, зіма усё пабяліла,  
Свет ўвесь коўдрай накрыла.  
З неба ўжо ляцяць пушынкі,  
Усім вядома - то ...  

Мухі белыя ў полі -  
Не жывуць яны ў доме.  
А як сонца прыпячэ -  
З іх вадзіца пацячэ.  

Хто на месцы не сядзіць,  
А нясецца і ляціць,  
Бойка ў танку кружыць,  
Нашых дзяцей весяліць?  
Вядома, гэта такія пушынкі -  
Белыя зімовыя ...  

З неба зорачкі ляцяць,  
І зямлю хаваюць,  
А калі прыйдзе вясна -  
Усе яны растануць.
 

Copyright © Беларускія загадкі. Template created by Volverene from Templates Block
WP by WP Themes Master | Price of Silver