Feb 28, 2013

Верш-загадка



Крутарогі, надта ўпарты,
Я – хвалы,
Не жартаў варты,
Бо авечак, не праспаўшы,
Я ваджу на пашу, з пашы.
Вёрткі, чуйны, не драпежны,
Горным я бываю, снежным,
А яшчэ я,
Хто не знае,
Птушкай лётаю, спяваю,
І спявак я непадробны –
На бляянне спеў падобны.
А калі ў сталярню ўзяць –
Дошкі я магу стругаць.
Хто такі я,
Гэткі ўвішны?
Кім ні быў бы –
Вам не лішні.
Каб не ўводзіць вас у зман,
Назавуся сам:
Б….

Feb 23, 2013

Загадкі Ніла Гілевіча



1. І зімой, і летам – 
Белая як снег, 
І зімой, і летам – 
Як надзьмуты мех,
Ходзіць на лапатках,
Бегае нягегла,
Рогам есць і п’е,
А гергеча гэтак,
Што нікому нельга
Зразумець яе.

2. Два разы нараджаецца, адзін раз памірае.

3. Лёгка з зямлі паднімаеш,
А далей сваёй рукі не кінеш.

4. Без сякеры і цвікоў
Збудавалі круглы дом.


Адгадкі глядзіце далей

Feb 22, 2013

Загадкі-рыфмаванкі



Чырвонае цельца, каменнае сэрца,
Вінная на смак, а завецца як? (Вішня.)

На пруточку — буйны цвет, дробныя калючкі…
Не падлазь ка мне, малы, бо паколеш ручкі. (Ружа.)

Грыбкоў сабе насушыць, арэшкаў назбірае,
Зіма сняжком цярушыць, а ёй — бяда малая. (Вавёрка.)

3 гаспадаром сябруе, дом вартуе.
Ляжыць пад ганкам — хвост абаранкам. (Сабака.)

Ён раскажа і пакажа, як жыве планета наша.
А няма электратоку — ён без мовы і без зроку. (Тэлевізар.)

Бягу асфальтам і заўжды
Трымаюся за правады. (Тралейбус.)

Мной дзяўчынак называюць. А як толькі зацвітаю —
3 гудам рупным і вясёлым да мяне лятаюць пчолы. (Ліпа.)

На снезе пушыстым царыца стаіць,
У гронках агністых ззяе, гарыць. (Рабіна.)

I ў сто год я малады,
Маё насенне — жалуды. (Дуб.)

Маўклівая, зялёная, на ўзгорку стаіць.
Як ветрык падзьме — яно зашапаціць. (Асіна.)

Дрэва — я. I з табой мы даўно знаёмыя.
I вясной, і зімой я стаю зялёная. (Елка, сасна.)

Feb 6, 2013

Казка-загадка "Самы кароткі месяц" ад Расціслава Бензярука



Сабраў бацька Год сыноў Месяцаў і сказаў:
- Стары я ўжо стаў. Цяжка мне аднаму кіраваць на зямлі. Хацеў бы, каб вы мне дапамаглі ў гэтым. А таму пытаюся: хто чым будзе займацца, як прыйдзецца гаспадарыць на зямлі?
Адзін вырашыў снег растапіць, сок у ствалах дрэў пусціць, другі - кветкі рассыпаць па лугах, трэці - збажыну расціць, чацвёрты - дапамагчы сабраць ураджай, пяты - зямлю снегам пакрыць, каб мароз карэньчыкі раслін не вынішчыў...
Слухаў бацька Год сыноў сваіх, радасна ўсміхаўся ў сівую бараду і назначаў, каму колькі гаспадарыць на зямлі: таму - трыццаць дзён, таму - трыццаць адзін.
А як дайшла чарга да аднаго з малодшых сыноў, дык той раптам заявіў:
- Як прыйду я на зямлю, буду ўсё жывое марозіць, знішчаць. Ух, як я люблю гэта рабіць!
Не спадабаліся яго словы бацьку.
- Табе, сыне, толькі дваццаць восем дзён адвяду.
Заплакаў ад крыўды сын:
- А чаму мне найменш? Хачу столькі ж, як і братам маім.
- Ты - злосны! Значыць, быць табе самым кароткім месяцам. Ну, ладна, - палагаднеў нарэшце бацька Год, - на чацвёрты раз як прыйдзеш на зямлю, гаспадарыць будзеш на адзін дзень больш.

Якое імя ў гэтага сына? Здагадаліся ўжо?

Адгадка далей
 

Copyright © Беларускія загадкі. Template created by Volverene from Templates Block
WP by WP Themes Master | Price of Silver