Aug 20, 2013

Загадкі з хітрынкамі


Што жоўтае днём, але зялёнае ўночы? (Банан, які працуе ў начную змену)

Што ніколе не замярзае? (Цёплая вада)

Якія дзеці атрымаюцца ў жырафа з вожыкам? (Чатырохметровая зубная шчотка)

Як доўга спіць асёл уначы? (Пакуль не прачнецца)

Якіх камянёў шмат у вадзе? (Мокрых)

Часта падае, але ніколі не ўздымаецца? (Дождж)

Куды ляцяць птушкі? (Дзюбай уперад)

Што бывае ў пустой кішэні? (Дзірка)

Што можа ісці, але не можа бегчы? (Гадзіннік)

Чаму мухі ходзяць па столі? (Бо калі б хадзілі па падлозе – іх бы падавілі)

Aug 15, 2013

Казка-загадка "Жучок з ліхтарыкам" ад Расціслава Бензярука



Аж пакуль не сцямнела, Заяц з Зайчыхаю палолі градкі з капустаю. А ісці было не так блізка. Кожнага куста, кожнага дрэва баялася Зайчыха:
- Ой, воўк!
- Ну і баязліўка! - смяяўся Заяц.
Раптам Зайчыха спынілася:
- Глядзі, Зай: наперадзе агеньчык!
- Не бойся, - супакоіў яе Заяц. - Гэта добры агеньчык. Залаты.
Нечакана на сцяжынку выскачыў Жучок з ліхтарыкам.
- Я буду праводзіць вас. Каб светла было ісці, - сказаў ён.
- Калі ласка, - узрадавалася Зайчыха.
Калі прыйшлі дамоў, Заяц з Зайчыхаю пакланіліся Жучку:
- Дзякуй табе! Дзякуй, што сцежку асвятляў і мы з дарогі не збіліся.

Які Жучок дапамог Зайцу і Зайчысе?

Адгадку глядзіце далей

Aug 10, 2013

Загадкі ад Анатоля Зэкава пра гародніну


Спелыя, яны зялёныя,
З бочкі выцягнеш – салёныя.
Любяць іх усе, аднак,
І за той, і іншы смак.

***
Як жа называецца
Чараўніца-фея,
Што ў зямлі хаваецца,
Чуб на сонцы грэе?

***
Жоўты ён і паласаты
І на плот залезці ўмее.
Ён – як хатка для зярнятак,
Што жывуць у ім і спеюць.

***
Як яе не распранаеш,
Ды няма канца і краю.
Не хапае і цярпення,
Нібы ўся яна – з адзення.

***
З ёй не варта жартаваць –
Гэта ведаеце й самі:
Як пачнеце распранаць,
То зальецеся слязамі.

***
У стручкі яна хаваецца,
Назва з трох складоў складаецца:
Нота – першы і апошні.
Адгадаць павінен кожны.

***
Адкажыце, хлопчык рускі
І зямляк мой беларус:
Як арбуз па-беларуску
І па-руску – як гарбуз?

Адгадкі далей.
 

Copyright © Беларускія загадкі. Template created by Volverene from Templates Block
WP by WP Themes Master | Price of Silver