Dec 3, 2012

Казка-загадка "Чыя моркаўка?" ад Расціслава Бензярука



Быў сакавік. Раніцай Вавёрка высунулася з дупла і ўбачыла: на суседняй бярозе нехта павесіў моркаўку. Толькі чамусьці белую. «Гэта Заяц, мусіць, павесіў, - вырашыла Вавёрка. - Ён вельмі моркву любіць».
А тут і Заяц некуды спяшаецца.
- Слухай, шарачок, ці не твая моркаўка на бярозе вісіць?
- Моркаўка?! - здзівіўся Заяц. - Не, не мая. Я гэтак высока залезці не магу.
- І то праўда. Хто ж яе павесіў? - задумалася Вавёрка.
- Можа, Дзяцел? Учора чула, як стукаў па бярозе.
Пайшлі Вавёрка і Заяц да Дзятла.
- Дзядзечка, гэта ты ўчора на бярозе, што ля маёй хаты, моркаўку павесіў? - спыталася Вавёрка.


- Моркаўку? Ды не, ніякай моркаўкі я не вешаў. Учора я там толькі крыху бярозавіку папіў, - адказаў Дзяцел.
- Чыя ж моркаўка? - задумаліся ўсе.
- А можа, яна нічыя, - выказала здагадку Вавёрка.
- Як гэта нічыя? Такога не бывае, - не згадзіўся Заяц. - Яе абавязкова нехта павесіў.
- Можа, нехта павесіў - і забыўся? - сказаў Дзяцел. - Дык ты, шарачок, вазьмі яе сабе на абед...
І вось яны зноў ля той бярозы.
- А моркаўка дзе? - запытаў Дзяцел.
- Вунь там, ля самай вяршаліны, вісела. Праўда, Зайка?
- Праўда.
- Значыць, яе забраў той, хто павесіў, - вырашыў Дзяцел.
- Значыць, забраў, - згадзіўся і Заяц.
- А шкада, - сказала Вавёрка. - Які смачны абед быў бы ў цябе, шарачок!
- Нічога, - адказаў той. - Вясной ежы больш, чым зімою.
Ну, хто першы адгадае, што за моркаўка такая? І ці згадзілася б яна на абед Зайцу?

АДГАДКА ДАЛЕЙ!

Загадкі Івана Карэнды


Іван Карэнда — вядомы беларускі пісьменнік. Ён піша вершы для дзяцей. «На загадкі ёсць адгадкі» — так называецца кніжка Івана Карэнды. 





Пыл падняў, галосіць, свішча
Цэлы вечар на дварэ.
Паваліў у садзе вішню,
Паламаў галінкі дрэў. (Вецер) 

Пазнаеш зблізку і здалёк
Яго на полі ўлетку.
На выгляд — сіні матылёк.
На самай справе — кветка. (Васілёк)

Дзе ўначы гарэлі зоры —
Разлілося ранкам мора.
А ў блакітным моры лодка
Адплывае ў край далёкі. (Воблака)

Беленькія гномікі
Жывуць у чорных доміках.
На сонцы без упынку
Старанна грэюць спінкі. (Сланечнік)

Загадкі пра дрэвы




У густым асеннім змроку 
Ззяе сонейкам здалёку: 
У сукенцы струмяністай, 
Упрыгожанай маністам, 
І раняе ліст, бы слёзы 
Беластвольная ... (бяроза). 


Пад зімняй залевай 
 Стаіць каралевай, 
 У яркіх, агністых, 
 Прыгожых маністах. 
 Маніст не шкадуе - 
 Птушак частуе. 
 (Рабіна) 

 Бацька радасна люляе 
 Мноства дзетак на руках. 
 Шапка ў бацькі лісцяная, 
 Дзеткі ўсе ў капелюшах. 
 (Дуб)

Nov 22, 2012

Сучасныя загадкі



Конь сталёвы, аўса не просіць, 
А арэ і косіць. (Трактар.)

Ходзіць полем з краю ў край, 
Рэжа чорны каравай. (Трактар.)

Што гэта за машына, 
Што разам і жне і малоціць. 
А ідзе — 
ажно зямлю калоціць. (Камбайн.)

Жалезны конь, у жываце агонь, 
Есці не просіць, а жне і косіць. 
Па полю ўлетку паўзе, 
Траву хутка грызе. (Касілка.)

Не крот, а капае, 
Лап не мае, 
А сеянае з зямлі 
Выкідае. (Бульбакапалка.)

Гусь па вуліцы ідзе, 
Дзюбай вуліцу грызе. (Экскаватар.)

Гудзе, як пчала, ляціць, як страла, 
Крыламі не махае, хто адгадае? (Самалёт.)

Плыве ў прасторы, 
Ды не ў моры, 
Караблём завецца, 
А ля зорак уецца. (Касмічны карабель.)

Па тканаму мору жалезны карабель плыве, 
Мора пад ім шуміць, услед высыхае. 
Сам жа карабель тады кранецца, 
Як да сцяны прыпрэцца. (Электрычны прас.)

Яна на яго злосна бурчэла, 
Кідала яго і вярцела. 
Яно ж пасля гэтага 
Памаладзела. (Пральная машына.)

Мае колы — ды не паравоз, 
Мае стужку, але не матрос. 
Музыкай частуе ён, 
А завуць... (Магнітафон.)

Я не чарапаха — робат, 
Але працаваць люблю, 
Я не слон, але ў свой хобат 
3 дывана ўвесь пыл лаўлю. (Пыласос.)

Праз палі, масты, лясы 
Ляцяць словы-галасы. 
Дзякуючы правадам 
Кажуць тут, а чуюць там. (Тэлефон.)

Пілавінне рассяваю 
I ў час працы я спяваю. 
Лес заўжды мяне чакае, 
Адгадай, хто я такая? (Піла.)

Коўдру, крупы, бохан хлеба –
Я ўмяшчаю ўсё, што трэба. 
А сам еду на спіне. 
Хто я, ведаеш, ці не? (Рукзак, Заплечнік.)

Б'е яго спартсмен ракеткай, 
Ён не крыўдзіцца за гэта. 
I ніколі ён не плача: 
Ні калі ляжыць ці скача. (Тэнісны мяч.)


Загадкі-пытанні



Што сіне не сінячы? (Неба.)

Што бела не белячы? (Снег.)

Што чорна не чэрнячы? (Воран, сажа.)

Чаго на свеце багацей няма? (Зямля.)

Хто ляціць без крылаў? (Вецер.)

Што без вады плавае? (Воблака.)

На чым знаку не наложыш? (На агні і вадзе.)

Што чалавеку самае мілае? (Сон.)

Без чаго чалавек жыць не можа? (Без сну.)

Што хутчэй за ўсё на свеце? (Думка.)

Хто гаворыць на ўсіх мовах. (Язык.)

Што без слёз плача? (Скрыпка.)

Што на свеце ўсім трэба. (Назва, імя.)

Што ў хаце, ды не бачна? (Цяпло.)

Чаго не абнясеш вакол хаты? (Вады ў рэшаце.)

Якога дрэва больш у лесе? (Круглага.)

Што робіць дворнік, калі ў яго на галаве сядзіць верабей? (Спіць.)

Чаму карова кладзецца? (Бо садзіцца не ўмее.)

Пад які куст заяц садзіцца, калі дождж ідзе? (Пад мокры)

Ці можа страус назваць сябе птушкай? (Не, бо гаварыць не ўмее.)

Дзе гарады без людзей, а рэкі без вады? (На глобусе, на карце.)

Дзе мароз улетку водзіцца? (У халадзільніку.)

Казка-загадка "Хмарчын ручнік" ад Расціслава Бензярука



Мядзведзіка Патапку толькі што памылі, выцерлі чыстым ручніком. Маці пачала прыбіраць у хаце, а ён прымасціўся ля акна.

Нечакана выплыла хмарка. Паліў цёплы летні дожджык.

Патапка бачыў, як дожджык мые дрэвы і кусты за акном.

Хмарка паплыла далей. Зноў выглянула сонца. І Патапка заўважыў на небе... каляровы ручнік.

- Мама! - крыкнуў ён. - Глянь: хмарка ручнік пакінула!

- Дзе ён?

- Вунь, на небе, - паказаў лапай Патапка і дадаў: - Я ведаю навошта. Каб дрэвы, памыўшыся, маглі выцерціся.

Тут сонейка схавалася, і ручнік - прапаў.

- А дзе ручнік? - захныкаў Патапка.

- Чаго ты плачаш, дурненькі? - пачала суцяшаць маці. - Сам жа казаў, што хмарка пакінула ручнік, каб дрэвы маглі выцерціся пасля дажджу. Дрэвы выцерліся, і хмарка забрала свой ручнік.

А вы, сябры, ведаеце, які ручнік на небе ўбачыў Патапка?

АДГАДКА ПАД КАТАМ

Казка-загадка "Каваль" ад Расціслава Бензярука



Пасля абеду з захаду прыплыла вялікая чорная Хмара, пайшоў спорны дождж. Ніхто не бачыў, калі Каваль падставіў высозную драбіну і хуценька ўзабраўся наверх. Але неўзабаве ён пачаў старанна працаваць: застукаў, загрукаў, і з накавальні паляцелі залатыя іскры.

Хмара разраслася і закрыла Сонца. А Каваль працаваў і працаваў. Часам грукаў так моцна, што, здавалася, уздрыгвала зямля, а іскры віліся доўгімі змейкамі.

Нарэшце, ці Каваль стаміўся, ці работу сваю ўжо заканчваў, але стукаў ён усё радзей і радзей. А затым і зусім паклаў молат.

Хмара паплыла далей, і зноў выглянула Сонца. Яно папрасіла Каваля:

- Пакажы, што выкаваў ты!

І Каваль выставіў на паўнеба сяміколерны зіхуткі мост.

- Маладзец! - усміхнулася Сонца.


Як завуць Каваля і што за дзіва-мост ён выкаваў?

АДГАДКА ПАД КАТАМ

Nov 21, 2012

Свойскія птушкі


У нашай нявесты сарочак дзвесце, выйдзе на двор, вецер павее - цела відно. (курыца)

У стаўку купалася
Ды сухой засталася
І пайшла гарласта
У чырвоных лапцях. (гусь)

З белага камня, з жоўтага воску адазваўся кавалер на ўсю нашу вёску. (певень)

Ходзіць цар па градзе, носіць блін у барадзе. (певень)

Нарадзіўся прарок з белага каменя, з жоўтага воску, стаў прарок праракаці, сталі людзі дзверы адчыняці. (певень)

Не кароль, а ў кароне, не гусар, а пры шпорах, гадзінніка не мае, а час знае. (певень)

Надзьмута, як мех, белая, як снег, на лапатках ходзіць, рогам траву есць. (гусь)


 

Copyright © Беларускія загадкі. Template created by Volverene from Templates Block
WP by WP Themes Master | Price of Silver