Feb 22, 2014

Загадкі ад Ніла Гілевіча

Сам без ног,
Малы,
Пузаты,
А такі скакун заўзяты!
Толькі стукні добра ў бок -
Як адразу пойдзе ўскок.
Яго скокі дзеці любяць,
Ды нагамі часам лупяць,
А яму - бы гэта й трэба:
Узлятае аж пад неба.
На каменне упадзе -
Хоць бы знак застаўся дзе!
Не паб'е
Сабе
Бакі.
Хто ж ён гэткі?
Хто такі?
***
Хвост увесь на двары.
Толькі нос у нары,
І да той да пары,
Пакуль нос у нары -
Ў дом не зможа зайсці
Ні малы, ні стары.
***
Я трымаў спачатку клін,
Разгарнуў - зрабіўся блін.
Хлынуў дождж, цурчыць вада -
А мне з блінам не бяда.
***
Туды рог,
Сюды рог,
Пасярод - нібы парог,
А сама напхана пухам
І ў мяне
Ляжыць пад вухам.
***
І дзень ідзе,
І ноч - ідзе,
І трэці дзень, і сёмы.
Сваёй хадзе
Падлік вядзе,
Не ведаючы стомы.
А не стамляецца таму
(Хоць гулка сэрца б'ецца),
Што колькі б год ні йсці яму -
Ён з месца не кранецца.

Адгадкі глядзіце далей.


Адгадкі.
Мяч, замок, парасон, падушка, гадзіннік

0 коммент.:

Post a Comment

 

Copyright © Беларускія загадкі. Template created by Volverene from Templates Block
WP by WP Themes Master | Price of Silver