Feb 21, 2015

Загадкі ад Рыгора Барадуліна 2


ПАДКАЗКІ-ЗГАДКІ 

Жывуць і ў лесе, 
І ў бары 
Звяры, 
Яны гаспадары 
Імшарынаў, сцяжынаў, 
Нораў, 
I ў кожнага 
Свой спрыт i нораў. 
Пра некаторых, 
Як загадкі, 
І гэтыя 
Падказкі-згадкі. 

Жыве не ў будцы на двары 
Сваяк сабачы, 
А ў нары. 
Яму ў бары 
Свой кожны сук, 
Але таіцца звык (барсук). 


Не спачне ні на хвілінку, 
І з галінкі на галінку 
Пышнахвоста 
Скача зорка. 
Зорка гэтая (вавёрка). 

Ані лап, 
Ані ляп 
Не баіцца голых, 
Бо насіць не аслаб 
Кажушок з іголак.
Высцілае лісцем ложак 
На зіму калючы (вожык). 

І не сляпы, і не глухі 
Наняўся шэры ў пастухі. 
Так пасвіў статак, 
Што ад статку 
Не засталося i астатку. 
Сачыць за ім 
Не хопіць вок, 
Бо звалачэ што хоча (воўк). 

Дрыжыць пад кустом 
З кароткім хвастом. 
I калі бяжыць, 
I тады дрыжыць. 
Гэты дрыжаец 
Завецца (заяц). 

Хітрыцу ведаюць усе, 
Што на хвасце 
Пажар нясе. 
Яна хвастом 
Сюды-туды — 
І замяце свае сляды. 
І калі спіць, 
Ёй курка сніцца. 
Майстрыца ашукаць (лісіца). 

Спіць і спіць 
Усю зіму. 
Смокча лапу, 
Быццам соску. 
Сніцца пасека яму 
І дарога з лесу ў вёску, 
Па якой са шкоды ледзь 
Ад сабак уцёк (мядзведзь).

0 коммент.:

Post a Comment

 

Copyright © Беларускія загадкі. Template created by Volverene from Templates Block
WP by WP Themes Master | Price of Silver