Dec 27, 2012

Казка-загадка "Хто падказваў у класе?" ад Расціслава Бензярука


У чаратах размясцілася качыная школа. Вывучалі складанне лікаў.
Строгая настаўніца Качка Кіраўна задала пытанне:
- Колькі атрымаецца, калі да «кра» прыбавім яшчэ «кра»?
Не паспелі качаняты ўзняць крыльцы, як нехта падказаў:
- Кра-кра!
- Правільна, - пахваліла настаўніца. - Хто гэта сказаў?
Качаняты маўчалі.
Настаўніца зноў задала пытанне:
- Колькі будзе, калі «кра», «кра» і яшчэ «кра»?
Рыжанькі Качар узняў крыло.
Толькі Качка Кіраўна дазволіла яму адказваць, як нехта звонка зноў прагаварыў:
- Кра-кра-кра!
- Качка Кіраўна, я ведаю, чэснае слова, - заспяшаўся Рыжанькі Качар. - Дык чаго яна падказвае.
І ён скубануў суседачку Шэрую Шыйку за бок. Суседка не захацела цярпець гэтага. Пачалася бойка.
- Навошта падказвала?! А настаўніца падумала, што я не ведаў!
- Не падказвала я, не падказвала! - апраўдвалася Шэрая Шыйка.
- Хопіць біцца! - Качка Кіраўна падбегла да іх парты.
Калі Рыжанькі Качар і Шэрая Шыйка спынілі бойку, настаўніца спытала ў качанят:
- Дык хто падказваў у класе?

Задумаліся качаняты. Дапаможам ім, сябры!

Адгадка ніжэй!

Загадкі пра сняжынкі


Зорка снежна белая 
на рукаў мой узляцела,  
Пакуль нёс яе сюды - 
стала кропляю вады.  

Што гэта за птушка,  
Што сонца баіцца?  

Палятала зорка, палятала,  
Села на далоньку і растала.  

На далоні слёзка-крапялінка.  
Гэта не проста зорачка, то -  

Зімой пакрылі мы ўсё:  
Лес, дарогу, поле і луг,  
А як сонца прыпячэ,  
Мы раўчуком пацячэм.  

Ой, зіма усё пабяліла,  
Свет ўвесь коўдрай накрыла.  
З неба ўжо ляцяць пушынкі,  
Усім вядома - то ...  

Мухі белыя ў полі -  
Не жывуць яны ў доме.  
А як сонца прыпячэ -  
З іх вадзіца пацячэ.  

Хто на месцы не сядзіць,  
А нясецца і ляціць,  
Бойка ў танку кружыць,  
Нашых дзяцей весяліць?  
Вядома, гэта такія пушынкі -  
Белыя зімовыя ...  

З неба зорачкі ляцяць,  
І зямлю хаваюць,  
А калі прыйдзе вясна -  
Усе яны растануць.

Загадкі пра снег 2



Белы, як кашуля, 
Пухнаты, як квактуха, 
Крылаў няма, 
А лётае добра. 

 Здзівіўся зайчаня: 
Стала белая зямля. 

Нешта кружыць, нібы пух, 
Нібы зграя белых мух, 
На зямлю ападае, 
Усё старанна хавае. 

Гусі пёры разгубілі - 
Усе падвор'е пабялілі. 
А калі набіў падушку - 
Пацякла вада з-пад вушкі! 
Што гэта? 

Узімку пад нагамі ляжыць, 
А ўлетку яго не знойдзеш. 

Калі падаю я з неба, 
Людзі кажуць: «Так і трэба». 
А ўвосень - так і знай:
Будзе добры ўраджай.

Загадкі пра снег


На дварэ гарою, а ў хаце вадою.

Беленькі абрус усю зямлю накрыў.

Белы, як пярына, халодны, як крыга.

Зваліцца з неба - не разаб'ецца, 
Упадзе ў ваду - расплывецца.

Белае, а не цукар,
Мяккае, а не вата,
Без ног, а ідзе.

Як гэты белы цукар завецца, 
Што з аблокаў зімою трасецца? 

Ой, за лесам за пералескам белая сукенка вісіць. 

У небе аблачынка пралятала, 
белы пух рассыпала, 
наваліла з цэлы мех, 
называюць яго ... 

З блакітнага вулля 
Ляцелі пчолы - 
Белым пакрылі вулкі, 
І хаты, і поле. 
А на яблыні старой 
Сеў адразу цэлы рой! 
Што гэта? 

Dec 22, 2012

Загадкі-жарты


У што першы цвік гналі, калі Маскву будавалі? (у плешку)

Ад чаго гусь плыве? (ад берага)

Чаму шапку купляюць? (бо дарам не даюць)

Якая мушка не лятае? (на стрэльбе)

Дзе гарады без людзей, а рэкі без вады? (на глобусе і карце)

Што пасярэдзіне Кіева стаіць? (літара "е")

Дзе сярэдзіна зямлі? (там, дзе стаіш)

Чаму ў Парыжы сена не сохне? (бо Сена - рака ў Парыжы)

Загадкі-пытанні

Які год цягнецца адзін дзень? (Новы год)

Чаго і з сцяны не вырубіш? (ценю)

Што гарыць без полымя? (сонца)

Што бяжыць без повада? (думка, вада)

Што расце без кораня? (камень)

Што расце без цвету? (папараць)

Што зімою камлём уверх расце? (лядзяш)

Што на свеце най мілейшае? (сон)

Што хутчэй за ўсіх на свеце? (думка)

Што самае мякчэйшае? (рука пад галавою)

Без чаго хлеб не спячэш? (без скарынкі)

Хто з барадою родзіцца? (казёл)

Чаго не абнясеш вакол хаты? (вады ў рэшаце)

Без чаго хаты не пабудуеш? (без стуку)

Загадкі загадваюць дзеці



Вісіць сіта не рукамі звіта. (Павуцінне.) 

Ляціць — вурчыць. (Жук.) 

Пад соснамі, пад елкамі ляжыць клубок з іголкамі. (Вожык.)

Паўзун паўзе, іголкі вязе. (Вожык.) 

Летам — шэранькі, зімой — беленькі. (Заяц.) 

Летам апранаецца, зімой распранаецца. (Дрэва.)

Не агонь, а пячэцца. (Крапіва.) 

Ляціць, а не птушка, вые, а не звер. (Вецер.)

Хто гуляе ўсюды на свеце? (Вецер.)

Хто зірнуў так рана ў аконца? (Сонца.)

Хто нас поіць празрыстай вадзіцай? (Крыніца.)

Хто стаіць у зялёных іголках? (Елка.)


 Шчыплюць траўку каля рэчкі 
У цёплых кажушках... (авечкі).

Цёплым сонейкам сагрэта,
Прайшло радаснае... (лета).

Па цвічку тук-ток
Б'е жалезны... (малаток).

Не клубок і не гарлачык,
Хоць і кругленькі наш... (мячык).


Суткі, час



Стаіць дом на дванаццаць вакон, пад тымі вокнамі па чатыры паны, а ў тых паноў па сем вянкоў. (Год, месяц, тыдні, дні.)

Шэрае сукно лезе ў акно. (Світанак.)

Устаў белы бык, у акно пальчык тык. (Дзень.)

Прыйшла чорна маці, усіх паклала спаці. (Ноч.)

На паляне сіняй пасецца конік сівы. (Ноч і месяц.)

У сінім мяшочку шмат белых парасят. (Неба і зоркі.)

Транспартныя сродкі


Бягуць сычыкі, задраўшы лычыкі. (сані)

Бягуць у лясок, задраўшы насок (сані)

Дзве паненкі сыр крояць (сані).

Ляцяць гускі, дубовыя наскі, на неба глядзяць і масла ядзяць. (сані)

Спінка і лаўка, дзве Палагейкі і пяць братоў Панкратоў (сані).

Без калес, а езде (сані, човен)

Еду не дарогаю, паганяю не пугаю, азіраюся назад: следу не знаць. (на чаўне)

Горб гарбаты, на сілу багаты, сто коней не павязе, што горб адзін панясе. (карабель)

Вушы калышуцца, а жывот плыве. (човен)

Ем я вугаль, п'ю ваду, цягну абоз на сто калёс. (паравоз)

Dec 3, 2012

Загадкі пра гародніну



Стаіць у агародзе ў зялёным халаце,
А добра прыгледзішся – лата на лаце. (Капуста)

Завітала ў хату пані
Ды ў жоўтым сарафане.
Як пачалі распранаць, 
Сталі плакаць, праклінаць. (Цыбуля)

У бабулі родны брат
Ласкавейшы быццам,
А да слёз давесці рад,
Так, як і сястрыца.
Сам сабе наўме панок,
А прасцей сказаць…(часнок)

Царэўна ў няволі,
у цёмнай каморы.
А косы – на сонцы,
На вольным прасторы. (Морква)


Казка-загадка "Чыя моркаўка?" ад Расціслава Бензярука



Быў сакавік. Раніцай Вавёрка высунулася з дупла і ўбачыла: на суседняй бярозе нехта павесіў моркаўку. Толькі чамусьці белую. «Гэта Заяц, мусіць, павесіў, - вырашыла Вавёрка. - Ён вельмі моркву любіць».
А тут і Заяц некуды спяшаецца.
- Слухай, шарачок, ці не твая моркаўка на бярозе вісіць?
- Моркаўка?! - здзівіўся Заяц. - Не, не мая. Я гэтак высока залезці не магу.
- І то праўда. Хто ж яе павесіў? - задумалася Вавёрка.
- Можа, Дзяцел? Учора чула, як стукаў па бярозе.
Пайшлі Вавёрка і Заяц да Дзятла.
- Дзядзечка, гэта ты ўчора на бярозе, што ля маёй хаты, моркаўку павесіў? - спыталася Вавёрка.


- Моркаўку? Ды не, ніякай моркаўкі я не вешаў. Учора я там толькі крыху бярозавіку папіў, - адказаў Дзяцел.
- Чыя ж моркаўка? - задумаліся ўсе.
- А можа, яна нічыя, - выказала здагадку Вавёрка.
- Як гэта нічыя? Такога не бывае, - не згадзіўся Заяц. - Яе абавязкова нехта павесіў.
- Можа, нехта павесіў - і забыўся? - сказаў Дзяцел. - Дык ты, шарачок, вазьмі яе сабе на абед...
І вось яны зноў ля той бярозы.
- А моркаўка дзе? - запытаў Дзяцел.
- Вунь там, ля самай вяршаліны, вісела. Праўда, Зайка?
- Праўда.
- Значыць, яе забраў той, хто павесіў, - вырашыў Дзяцел.
- Значыць, забраў, - згадзіўся і Заяц.
- А шкада, - сказала Вавёрка. - Які смачны абед быў бы ў цябе, шарачок!
- Нічога, - адказаў той. - Вясной ежы больш, чым зімою.
Ну, хто першы адгадае, што за моркаўка такая? І ці згадзілася б яна на абед Зайцу?

АДГАДКА ДАЛЕЙ!

Загадкі Івана Карэнды


Іван Карэнда — вядомы беларускі пісьменнік. Ён піша вершы для дзяцей. «На загадкі ёсць адгадкі» — так называецца кніжка Івана Карэнды. 





Пыл падняў, галосіць, свішча
Цэлы вечар на дварэ.
Паваліў у садзе вішню,
Паламаў галінкі дрэў. (Вецер) 

Пазнаеш зблізку і здалёк
Яго на полі ўлетку.
На выгляд — сіні матылёк.
На самай справе — кветка. (Васілёк)

Дзе ўначы гарэлі зоры —
Разлілося ранкам мора.
А ў блакітным моры лодка
Адплывае ў край далёкі. (Воблака)

Беленькія гномікі
Жывуць у чорных доміках.
На сонцы без упынку
Старанна грэюць спінкі. (Сланечнік)

Загадкі пра дрэвы




У густым асеннім змроку 
Ззяе сонейкам здалёку: 
У сукенцы струмяністай, 
Упрыгожанай маністам, 
І раняе ліст, бы слёзы 
Беластвольная ... (бяроза)


Пад зімняй залевай 
 Стаіць каралевай, 
 У яркіх, агністых, 
 Прыгожых маністах. 
 Маніст не шкадуе - 
 Птушак частуе. 
 (Рабіна) 

 Бацька радасна люляе 
 Мноства дзетак на руках. 
 Шапка ў бацькі лісцяная, 
 Дзеткі ўсе ў капелюшах. 
 (Дуб)
 

Copyright © Беларускія загадкі. Template created by Volverene from Templates Block
WP by WP Themes Master | Price of Silver