Nov 17, 2012

Казка-загадка "Брат і сястра" ад Расціслава Бензярука


Жылі-былі брат і сястра. Брат быў ружовашчокі, а сястра, наадварот, - смуглявая. У брата было толькі адно сонейка, а ў сястры - месяц рагаты і тысячы зорак.

Жылі яны спачатку дружна, а потым пасварыліся. Сястра ўсё пасмейвалася з брата:
- Што ты з адным сонейкам гуляеш? Вось у мяне, бачыш, колькі зорак! З імі гуляць куды цікавей.
Маўчаў брат.
- Я згодна памяняцца з табою. Вазьмі мае зоркі, а мне сонца аддай.
- Не, сястрыца, сонейка для мяне мілей!

Пасварыліся брат з сястрою і перасталі сустракацца. Прыйдзе брат і сонейка з сабою прывядзе, а сястра ўцячэ, схаваецца. Чакае, пакуль брату не захочацца адпачыць.
Заўважыла сястра: як толькі яна прыходзіць, людзі адразу працу кідаюць, спаць кладуцца.

Крыўдна ёй стала.
- Чаму ты не працуеш, калі я прыходжу? - спытала яна ў аднаго Чалавека.
- Я добра папрацаваў, пакуль твой брат быў. Зараз адпачыць трэба.
Яшчэ больш крыўдна стала сястры:
- Дык, можа, мне зусім не прыходзіць?
- Не, чаму ж! Хіба змог бы я столькі зрабіць, каб не адпачываў? - адказаў Чалавек і папрасіў: - Вы, калі ласка, заўсёды прыходзьце, толькі паасобку.

Хто з вас, дзеці, здагадаўся, як завуць брата і сястру?

Адгадка тут:

Дзень і ноч

0 коммент.:

Post a Comment

 

Copyright © Беларускія загадкі. Template created by Volverene from Templates Block
WP by WP Themes Master | Price of Silver