Apr 5, 2013

Казка-загадка "Паспрабуй перакрычаць" ад Расціслава Бензярука



Хораша ў лесе! Высокія яліны акружылі палянку з усіх бакоў. На прыгрэтым сонцам пагорку хлопчык знайшоў сямейку лісічак і стаў зразаць грыбкі.
Калі Максімка ўзняў вочы, дзядулі побач не было. Хлопчык кінуўся ў адзін бок, у другі - дзед як скрозь зямлю праваліўся. Максімку раптам стала страшнавата. Ён дрыжачым голасам паклікаў:
- Дзеду!
І ў той жа момант нехта непадалёку азваўся:
- Ду-ду! Ду-ду!
- Ау! - грамчэй крыкнуў хлопчык.
Хтосьці невядомы, быццам гуляючы ў дражнілку, некалькі разоў паўтарыў «ау».
Максімка склаў рупарам далоні і закрычаў:
- Дзеду, ау!
Выразна пачулася:
- Ду-ду, ау!
Ад таго, што ён адзін і што нехта хоча з ім гуляць, хлопчыку зрабілася весела.
- Яшчэ пабачым, хто каго перакрычыць! - сказаў ён.
Не паспелі скончыць гульню, як з-за дрэва выйшаў дзядуля з поўным кошыкам грыбоў.
- Я - тут. Чаго крычыш? Што, страшна?!
- Не, гэта мы гулялі, хто каго перакрычыць.
- А-а! - зразумеў унука дзядуля.

А вы, дзеці, здагадаліся, з кім гуляў Максімка?

Адгадка далей

Mar 6, 2013

Загадкі ад Анатоля Зэкава



Шыльду вешаюць ля брамы,
Што ў двары ён злосны самы.
Да той шыльды ён прывык,
Як-ніяк, а вартаўнік.

***

Калі дзверы адчыняюць,
То яе за нос цягаюць,
Бо іначай – ці павершы? –
Адчыніць не зможаш дзверы.

***

Ціха месціцца ў парозе,
Пазіраючы на дзверы.
А як толькі ў рукі возьмеш –
Аж заскача па кватэры.

Адгадкі глядзіце далей

Mar 2, 2013

Загадка-лагагрыф ад Уладзіміра Мацвеенкі


Feb 28, 2013

Верш-загадка



Крутарогі, надта ўпарты,
Я – хвалы,
Не жартаў варты,
Бо авечак, не праспаўшы,
Я ваджу на пашу, з пашы.
Вёрткі, чуйны, не драпежны,
Горным я бываю, снежным,
А яшчэ я,
Хто не знае,
Птушкай лётаю, спяваю,
І спявак я непадробны –
На бляянне спеў падобны.
А калі ў сталярню ўзяць –
Дошкі я магу стругаць.
Хто такі я,
Гэткі ўвішны?
Кім ні быў бы –
Вам не лішні.
Каб не ўводзіць вас у зман,
Назавуся сам:
Б….

Feb 23, 2013

Загадкі Ніла Гілевіча



1. І зімой, і летам – 
Белая як снег, 
І зімой, і летам – 
Як надзьмуты мех,
Ходзіць на лапатках,
Бегае нягегла,
Рогам есць і п’е,
А гергеча гэтак,
Што нікому нельга
Зразумець яе.

2. Два разы нараджаецца, адзін раз памірае.

3. Лёгка з зямлі паднімаеш,
А далей сваёй рукі не кінеш.

4. Без сякеры і цвікоў
Збудавалі круглы дом.


Адгадкі глядзіце далей

Feb 22, 2013

Загадкі-рыфмаванкі



Чырвонае цельца, каменнае сэрца,
Вінная на смак, а завецца як? (Вішня.)

На пруточку — буйны цвет, дробныя калючкі…
Не падлазь ка мне, малы, бо паколеш ручкі. (Ружа.)

Грыбкоў сабе насушыць, арэшкаў назбірае,
Зіма сняжком цярушыць, а ёй — бяда малая. (Вавёрка.)

3 гаспадаром сябруе, дом вартуе.
Ляжыць пад ганкам — хвост абаранкам. (Сабака.)

Ён раскажа і пакажа, як жыве планета наша.
А няма электратоку — ён без мовы і без зроку. (Тэлевізар.)

Бягу асфальтам і заўжды
Трымаюся за правады. (Тралейбус.)

Мной дзяўчынак называюць. А як толькі зацвітаю —
3 гудам рупным і вясёлым да мяне лятаюць пчолы. (Ліпа.)

На снезе пушыстым царыца стаіць,
У гронках агністых ззяе, гарыць. (Рабіна.)

I ў сто год я малады,
Маё насенне — жалуды. (Дуб.)

Маўклівая, зялёная, на ўзгорку стаіць.
Як ветрык падзьме — яно зашапаціць. (Асіна.)

Дрэва — я. I з табой мы даўно знаёмыя.
I вясной, і зімой я стаю зялёная. (Елка, сасна.)

Feb 6, 2013

Казка-загадка "Самы кароткі месяц" ад Расціслава Бензярука



Сабраў бацька Год сыноў Месяцаў і сказаў:
- Стары я ўжо стаў. Цяжка мне аднаму кіраваць на зямлі. Хацеў бы, каб вы мне дапамаглі ў гэтым. А таму пытаюся: хто чым будзе займацца, як прыйдзецца гаспадарыць на зямлі?
Адзін вырашыў снег растапіць, сок у ствалах дрэў пусціць, другі - кветкі рассыпаць па лугах, трэці - збажыну расціць, чацвёрты - дапамагчы сабраць ураджай, пяты - зямлю снегам пакрыць, каб мароз карэньчыкі раслін не вынішчыў...
Слухаў бацька Год сыноў сваіх, радасна ўсміхаўся ў сівую бараду і назначаў, каму колькі гаспадарыць на зямлі: таму - трыццаць дзён, таму - трыццаць адзін.
А як дайшла чарга да аднаго з малодшых сыноў, дык той раптам заявіў:
- Як прыйду я на зямлю, буду ўсё жывое марозіць, знішчаць. Ух, як я люблю гэта рабіць!
Не спадабаліся яго словы бацьку.
- Табе, сыне, толькі дваццаць восем дзён адвяду.
Заплакаў ад крыўды сын:
- А чаму мне найменш? Хачу столькі ж, як і братам маім.
- Ты - злосны! Значыць, быць табе самым кароткім месяцам. Ну, ладна, - палагаднеў нарэшце бацька Год, - на чацвёрты раз як прыйдзеш на зямлю, гаспадарыць будзеш на адзін дзень больш.

Якое імя ў гэтага сына? Здагадаліся ўжо?

Адгадка далей

Jan 23, 2013

Загадкі на градках



От бабуля важна села
І глядзіць навокал смела.
У зямлю схавала лапаць.
Як зачэпіш – будзе плакаць.
Гэта злосная бабуля
Называецца…
(цыбуля)

У бабулі родны брат
Ласкавейшы быццам,
А да слёз давесці рад,
Так, як і сястрыца.
Сам сабе наўме панок,
А прасцей сказаць…
(часнок)

З вусамі, а не стары.
Зайздросныя вочы.
За што-небудзь на двары
Учапіцца хоча.
Хопіць хітрасці на трох,
Ну, на тое ж ён…
(гарох)

Не сыдзе з месца
Ні на крок,
Зарыўшыся ў пярыну.
Цярэбіць ціхі вецярок
Ягоную чупрыну.
А возьмуць за чупрыну
Ды выцягнуць з пярыны –
Пачырванее, нібы рак.
Вядома, хто гэта…
(бурак)
 

Copyright © Беларускія загадкі. Template created by Volverene from Templates Block
WP by WP Themes Master | Price of Silver